УЗБЕ́КСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў мова узбекаў. Афіц. мова Ўзбекістана. Пашырана ў Казахстане, Кыргызстане, Туркменістане, Таджыкістане, паўн. Афганістане і інш. Характарызуецца складанай дыялектнай структурай, гаворкі — значнымі адрозненнямі (гаворкі ташкенцкага тыпу, самаркандска-бухарскія, ферганскія, паўд.-харэзмійскія і інш.). У.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць сінгарманізму па лабіяльнасці і палатальнасці; у марфалогіі — аднаварыянтнасць афіксаў; у лексіцы шмат перс. і тадж. запазычанняў. Стараузбекская літ. мова склалася ў 15 ст. (творчасць Алішэра Наваі), адрознівалася ад жывога маўлення. Сучасная літ. мова сфарміравалася пасля 1917 на базе гаворак Ташкента і Ферганы. Пісьменства да 1927 на аснове араб., потым лац., з 1939 рус. алфавіта; з 1993 пісьменства паступова пераводзіцца на лац. алфавіт.
Літ.:
Решетов В.В. Основы фонетики и грамматики узбекского языка. 2 изд. Ташкент, 1965.
А.А.Кожынава.
т. 16, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)